Адным з адказаў на нізкую прысутнасць жанчын у палітыцы з’яўляецца механізм гендарных квотаў. Нягледзячы на крытыку, механізм квотаў на парламенцкім узроўні ўжо ў пачатку 2000-х выкарыстоўвала
палова краінаў свету.
Квотавая сістэма неабавязкова фіксуецца ў выбарчым заканадаўстве, але можа стымулявацца як добрая практыка праз квоты ў палітычных партыях. Квоты самі па сабе не вырашаюць праблему «шкляной столі». Таму важна, каб механізм быў распрацаваны для кожнага з узроўняў палітыкі.
Даследаванні
паказваюць, што выкарыстанне квотавай сістэмы ў краінах, дзе прысутнасць жанчын у палітыцы была даволі нізкай, можа першапачаткова весці да такіх праблемаў, як прасоўванне жанчын, якія маюць сувязі з мужчынамі-палітыкамі, жанчын з недастатковым досведам ці з неадпаведнай адукацыяй. Але гэта не праблема полу — мужчыны таксама нярэдка трапляюць у палітыку праз сувязі. Гэта агульная і больш высокаўзроўневая праблема палітыкі, прычым не толькі постсавецкай, але і сусветнай.
Увядзенне квотаў — насамрэч апраўданая рызыка ў справе павышэння колькасці жанчын у палітыцы. Колькасць людзей, якія прыходзяць да ўлады «праз сувязі», значна ад гэтага не павялічыцца. Больш за тое, часта пазітыўным эфектам квотаў робіцца празрыстасць прыняцця палітычных рашэнняў агулам.
Увядзенне квотаў спрыяе не толькі большай прысутнасці жанчын у выбарных органах, але і
падымае актуальную для жанчын павестку на ўзровень вялікай палітыкі, бо яны адчуваюць абавязак прэзентаваць інтарэсы сваёй гендарнай групы. Гэта прыцягвае большую колькасць жанчын-выбарцаў. Акрамя таго, даследаванні
паказваюць, што квотавая палітыка пазітыўна ўплывае на пазбаўленне грамадства ад гендарных стэрэатыпаў.
Гэта не вырашэнне ўсіх праблемаў, звязаных з прысутнасцю жанчын у палітыцы, але можа стаць часовай нормай, якая будзе стымуляваць празрыстасць прыняцця рашэнняў, уцягваць жанчын у прымяненне сваіх кампетэнцый у сферы палітыкі.