Па-першае, змена рэжыму на дэмакратычны лад адкрые шлях да хуткага эканамічнага росту. Як толькі Беларусь пачне працэс дэмакратызацыі, санкцыі супраць яе будуць хутка замарожаныя, а потым і цалкам адмененыя, бо знікне прычына парушэння правоў чалавека ў Беларусі і міжнароднага парадку. У краіне ізноў пачне развівацца беларускі прыватны бізнес, вернуцца ранейшыя і прыйдуць новыя замежныя інвестары.
Па-другое, патрэбна правесці інстытуцыйныя рэформы. Іх апісанне апублікаваў у 2021-ым годзе Chatham House. Гэты
дакумент прайшоў абмеркаванне сярод больш як 25 беларускіх і замежных эканамістаў. Ён абапіраўся на бачанне інстытуцыйных асноваў беларускай эканомікі, якое было апублікавана яшчэ ў кастрычніку 2020-га года ў адкрытым лісце. Яго падпісалі больш за 60 беларускіх і замежных эканамістаў, вядомых спецыялістаў, якія гатовыя дапамагаць сваімі ведамі дэмакратычна абранай уладзе ў Беларусі. Рэформы ў асобных сферах або галінах эканомікі Беларусі прапісаныя больш падрабязна на сайце
Банка ідэяў (напрыклад, рэструктурызацыя і прыватызацыя дзяржпрадпрыемстваў, рынак працы, сямейная палітыка, сацыяльная палітыка, зялёная эканоміка, падатковая палітыка, пенсійная рэформа).
У прыватнасці патрэбна:
- абмежаваць ролю дзяржавы ў эканоміцы — яна павінна ў першую чаргу стаць гарантам развіцця інстытутаў і сацыяльнай інфраструктуры;
- стварыць роўныя і спрыяльныя ўмовы вядзення бізнесу для ўсіх прадпрыемстваў незалежна ад формы ўласнасці, памеру і віду дзейнасці;
- павысіць эфектыўнасць кіравання дзяржпрадпрыемствамі (праз змену стымулаў, раздзяленне функцыяў дзяржавы як уласніка і рэгулятара), правесці іх аўдыт і прыватызацыю большай іх часткі;
- павысіць эфектыўнасць сістэмы сацыяльнай абароны — замест падтрымкі стратных калгасаў і прамысловых прадпрыемстваў лепш скіраваць рэсурсы на адрасную дапамогу;
- павысіць эфектыўнасць і празрыстасць рынку працы, абараніць правы працоўных (праз развіццё незалежных прафсаюзаў і адыход ад кантрактнай сістэмы);
- ачысціць банкаўскі сектар ад дрэнных крэдытаў, перадусім для дзяржпрадпрыемстваў, і развіваць фінансавы рынак;
- інвеставаць у лічбавую інфраструктуру (e-government) для павышэння празрыстасці сістэмы дзяржкіравання і эканамічных адносін паміж грамадзянамі і дзяржавай;
- павысіць канкурэнтаздольнасць і інавацыйнасць эканомікі праз развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы, стварэнне экасістэмы развіцця стартапаў і садзейнічанне развіццю венчурных інвестыцый;
- гарантаваць энергетычную бяспеку Беларусі праз дыверсіфікацыю крыніц пастаўкі энерганосьбітаў, стварэння рынка электрычнай энэргіі і газу, інвестыцыі ў аднаўляльныя крыніцы энергіі і энергаэфектыўнасць;
- стымуляваць развіццё зялёнай эканомікі па прыярытэтных напрамках: узнаўляльныя крыніцы энергіі, цыркулярная эканоміка, рэсурсаэфектыўная вытворчасць, экалагічны транспарт, арганічнае земляробства і захаванне біяразнастайнасці.
Па-трэцяе, міжнародная супольнасць будзе гатовая аказаць падтрымку дзеля аднаўлення эканомікі. У 2021-ым Еўракамісія ў кансультацыі з эканамічнай камандай Святланы Ціханоўскай
прыняла Усёабдымны план эканамічнай падтрымкі для дэмакратычнай Беларусі на суму € 3 млрд (прыкладна 5% ВУП Беларусі) на першыя гады правядзення эканамічных рэформ. План ЕС уключае фінансаванне для прыватнага бізнесу, буйныя інфраструктурныя праекты, развіццё трансгранічных праектаў і іншых ініцыятыў у межах «Усходняга партнёрства», падтрымку ўступлення Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю і шмат іншага.
Ідуць
перамовы аб тым, каб свой «план Маршала» для Беларусі абвесцілі і ЗША. Да праектаў ЕС і ЗША далучыцца таксама МВФ, гатовы падтрымаць стабілізацыйную праграму, ухваленую новым беларускім урадам. Сусветны банк прафінансуе развіццё прыватнага сектара, інвестыцыі ў інфраструктуру, мадэрнізацыю сістэмаў аховы здароўя і адукацыі. Еўрапейскі інвестыцыйны банк і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прафінансуюць праекты ў энергетыцы, пераход на зялёную эканоміку і паспрыяюць прыходу стратэгічных інвестараў на беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы.
Міжнародная падтрымка спатрэбіцца і пры рэструктурызацыі дзярждоўгу, у тым ліку рэфінансавання (перш за ўсё перад Расеяй) краінамі Захаду пад ніжэйшыя працэнты і на больш працяглыя тэрміны, з адтэрміноўкай пагашэння цела крэдыту ў першыя некалькі гадоў. Дапамога прыдасца і для гарантавання энергетычнай бяспекі эканомікі ў выпадку, калі Расея вырашыць распачаць энергетычны шантаж Беларусі.
Па-чацвёртае, трэба агучыць праграму рэпатрыяцыі беларускага бізнесу і беларусаў з-за мяжы. Праграма павінна заахвоціць беларускую дыяспару інвеставаць у новую Беларусь, вярнуцца ў Беларусь або прасоўваць беларускія нацыянальныя інтарэсы ў краінах пражывання. Прыкладам працы ў гэтым накірунку з’яўляецца створаная ў 2021-ым
Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой, у якую ўваходзяць неафіліяваныя з рэжымам бізнесы з Польшчы, Літвы, Чэхіі, Германіі і ЗША.
За апошнія гады беларуская дыяспара павялічылася і згуртавалася. Гэта наша дадатковая крыніца чалавечага, фінансавага і палітычнага капіталу. Трэба ўцягваць дыяспару ў развіццё эканомікі і рэфармаванне краіны. Найлепшым спосабам для гэтага будзе імклівы рост эканомікі, забяспечаны вяршэнствам права, паляпшэннем бізнес-клімату, большай адкрытасцю краіны для замежнікаў і інтэграцыяй беларускай эканомікі ў глабальную. Беларусы дыяспары і замежнікі з беларускамі каранямі павінны мець спрошчаную працэдуру атрымання Карты беларуса, якая дазволіць ім лёгка далучыцца да беларускіх справаў.
Варта ўлічваць паспяховы досвед краін, у якіх дыяспара ўнесла значны ўклад падчас нацыябудаўнічых працэсаў і эканамічнай трансфармацыі, напрыклад у Ірландыі ў другой палове ХХ стагоддзя ці ў Ізраілі пасля абвяшчэння незалежнасці ў 1948-ым годзе.
Па-пятае, пабудова эканомікі, заснаванай на вяршэнстве права, мусіць уключаць пакаранне для тых, хто найбольш спрычыніўся да рэпрэсіяў; мусіць прадугледжваць і забарону на займанне імі дзяржаўных пасад цягам пэўнага перыяду, асуджэнне таталітарных ідэалогій, а таксама
кампенсацыю пацярпелым ад рэпрэсій. Пры гэтым працаўнікі дзяржаўных установаў і прадпрыемстваў, якія не рабілі злачынстваў, не будуць абмежаваныя ў правах. Пераадоленне расколу ў грамадстве павінна адбывацца на аснове
аднаўлення законнасці і нацыянальнага прымірэння.
У выніку Беларусь павінна стаць адкрытай устойлівай эканомікай з дамінавальнай роляй прыватнага сектара, аснову якога будзе складаць малы і сярэдні бізнес; з празрыстым урадам, які будзе інвеставаць у людзей праз адукацыю, ахову здароўя і іншыя публічныя паслугі, а таксама будзе выраўноўваць шанцы менш забяспечаных грамадзянаў праз сацыяльную палітыку.