Саўдзел Беларусі ў расійскай агрэсіі і масавыя парушэнні правоў чалавека ўнутры краіны прывялі да разбурэння асноваў беларускай знешняй палітыкі. Калі раней рэжым Лукашэнкі дзеля свайго выжывання мяняў надвор’е ў міжнародным курсе Беларусі, то за 2020−2022 гг. ён змяніў клімат.
Насуперак геаграфічнаму становішчу нашая краіна перастае быць транзітнай дзяржавай, а яе лагістычная інфраструктура становіцца менш запатрабаванай. Еўрапейскі саюз
прыняў рашэнне не фінансаваць інфраструктуру транспартных шляхоў, якія злучаюць ЕС з Беларуссю (і Расіяй).
Кітай адкрывае альтэрнатыўныя беларускаму маршруты дастаўкі сваіх грузаў у Еўропу. Транзіт кітайскіх тавараў у ЕС па чыгунцы праз нашую краіну
скараціўся ў першым паўгоддзі 2022 года на 25,7%. У адваротным напрамку (з Еўропы) — на 35%.
Важным фактарам, які пагаршае беларускія эканамічныя магчымасці,
стала страта доступу да транзіту праз краіны Балтыі і Украіну. Цяпер нашыя прадпрыемствы могуць разлічваць толькі на расійскія парты і чыгунку, што абмяжоўвае поле для манеўру ў адносінах з Расіяй і значна павялічвае выдаткі на транспартаванне.
Праз такую страту геаграфічных пераваг усё яшчэ
дэклараваную ўладамі палітыку шматвектарнасці проста немагчыма рэалізаваць, бо Беларусь знаходзіцца ледзь не ў варожых адносінах з чатырма з пяці суседзяў. «Донар рэгіянальнай бяспекі» цяпер успрымаецца як пагроза.
Эканамічная мадэль, заснаваная на адначасовым выкарыстанні рэсурсаў Расіі і Захаду, знішчаецца. Замест і без таго нешматлікіх заходніх тэхналогій, крэдытаў і інвестыцый нашая краіна атрымала санкцыі, праз якія абмяжоўваецца беларускі экспартны патэнцыял на рынках трэціх краін.
Прадстаўнікі найбольш эканамічна актыўных слаёў беларускага грамадства вымушаныя з’язджаць з краіны, бо вядзенне бізнесу дома становіцца праблематычным. Чым даўжэй Беларусь будзе заставацца ў сённяшнім стане, тым вышэйшыя шанцы, што тыя, хто выехаў ў 2020−2022 гадах, не вернуцца. На практыцы гэта азначае страту да
некалькіх сотняў тысяч чалавек, часта кваліфікаваных і ўключаных у міжнародны рынак, зацікаўленых у адкрытай свету Беларусі.
Стан знешняй канфрантацыі, у якім знаходзіцца нашая краіна, уваходзіць у супярэчнасць з грамадскім запытам: якая б прычына за гэтым ні стаяла — прагматычнасць, наіўнасць, прыязнасць, абыякавасць ці нешта іншае, — застаецца фактам, што беларусы ў большасці не бачаць сябе ваяўнічым народам, які ненавідзіць каго-кольвек. Ды і дамінавання нейкага аднаго геапалітычнага выбару ў беларускім грамадстве не існуе.