Галоўнае — не панікаваць. Большасць развітых краін
сутыкаецца з тымі самымі праблемамі: натуральнае старэнне і змяншэнне насельніцтва актуальныя для ўсёй Еўропы. Да пэўнай ступені гэта нармальны працэс: скарачэнне нараджальнасці — адзін з пабочных эфектаў паляпшэння якасці жыцця людзей у цэлым і жанчын у прыватнасці. Аднак ёсць некалькі важных крокаў, якія Беларусі і беларусам неабходна зрабіць, каб запаволіць працэс страты насельніцтва.
Па-першае, трэба падтрымліваць нараджальнасць. Цяперашнія меры па падтрымцы мацярынства ў Беларусі засяроджваюцца на бедных слаях насельніцтва. Пры гэтым мала ўвагі надаецца праблемам сучасных жанчын, якія працуюць і для якіх галоўная перашкода падчас прыняцця рашэння наконт мацярынства —
кар’ера. Такім беларускам і іх партнёрам бракуе не грошай, а часу, і, значыць, субсідыяваць трэба менавіта яго. Дзяржава можа заняцца выбудоўваннем сістэмы камфортных ясляў, куды дзяцей можна было б аддаваць у больш раннім узросце; увядзеннем у заканадаўства больш гнуткіх формаў занятасці для маладых бацькоў; прыняццем сістэмы мераў па ўвядзенні ў культурную традыцыю адпачынкаў для бацькі па доглядзе дзіцяці; інвестыцыямі ў інфраструктуру, якая дазваляе сумяшчаць бацькоўства з актыўным ладам жыцця.
Асобны пункт для Беларусі — неабходнасць скарачэння дэкрэтнага адпачынку. Пасля распаду СССР у нашай краіне была ўведзеная норма аб трохгадовым дэкрэтным адпачынку; на сённяшні дзень гэта самы доўгі аплачваны дэкрэт у свеце. Фармальна ніхто не прымушае маці сядзець з дзіцем увесь гэты час. Але на практыцы большасць жанчын вымушаная выбіраць поўны дэкрэт, і на тое ёсць дзве важкія прычыны:
- Такая заканадаўчая норма стварае масавую ілюзію, быццам менавіта такі тэрмін неабходны для развіцця дзіцяці. І жанчына, якая выходзіць з дэкрэту праз год пасля родаў, можа часам успрымацца грамадствам як «кепская маці». Пры гэтым ніякай навуковай асновы пад трохгадовым дэкрэтам няма — складана паверыць, але гэтая лічба папросту ўзятая са столі. Дакладна не вядома, што дзеці, чые маці выйшлі з дэкрэту да заканчэння трох гадоў, чымсьці адрозніваюцца ад дзяцей з «поўнага дэкрэту».
- Доўгі дэкрэт стварае пункт грамадскай каардынацыі: раз многія жанчыны выбіраюць сядзенне з дзецьмі да трох гадоў, то дзяржава не інвестуе ў яслі, і ў астатніх жанчын фактычна не знаходзіцца іншага выбару, акрамя як ісці за большасцю.
Акрамя падтрымкі бацькоўства існуе і іншы дзейсны спосаб павелічэння колькасці насельніцтва — прыцягненне ў краіну мігрантаў. Гэта і ёсць па-другое.
У Беларусі ніколі не рабіліся спробы процідзеяння эміграцыі і павелічэння іміграцыі на дзяржаўным узроўні. Пачынаючы з 2020-га, Паводле ацэнак BEROC (даследаванне неўзабаве будзе апублікаванае), краіну пакінула 150−250 тысяч чалавек, але і да гэтага ў нас назіраўся невялікі, але пастаянны адток насельніцтва.
Замежнік, які хацеў пераехаць у Беларусь, непазбежна сутыкаўся з кучай бюракратычных перашкодаў, для абыходу якіх патрабаваліся значныя намаганні. Адзіным выключэннем тут быў ПВТ, які выбіў для сваіх рэзідэнтаў лягчэйшыя ўмовы прыцягнення замежнікаў.
Але, думаю, праблема недахопу мігрантаў на вуліцах беларускіх гарадоў абумоўленая не толькі жаданнем дзяржавы ўсё абмяжоўваць. Ёсць і іншая прычына, гаварыць пра якую ў грамадстве не прынята: беларусы — не талерантны народ, хоць шчыра любяць так сябе называць. Згодна з даступнымі
сацыялагічнымі апытаннямі, нашыя суграмадзяне з асцярогай ставяцца да прадстаўнікоў іншых культур.