Згодна з
рэйтынгам адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак (АТА) паводле ўзроўню эканамічнага развіцця, які быў складзены Навукова-даследчым эканамічным інстытутам Мінэканомікі, узровень развіцця вышэйшы за сярэдні па краіне ў 2021-ым годзе мелі толькі 7 са 128 АТА базавага ўзроўню. Удумайцеся: 94% адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак развіваюцца горш, чымся ў сярэднім уся краіна.
Падобныя вынікі
паказвае рэйтынг найбольш буйных 40 беларускіх гарадоў, які склаў Цэнтр новых ідэй. У ім толькі 8 з 40 найбуйнейшых гарадоў знаходзяцца на ўзроўні вышэйшым за сярэдні.
Дык што не так з беларускімі рэгіёнамі? Чаму, нягледзячы на агромністыя высілкі, дзяржаўныя праграмы і строгую сістэму кіравання, рэгіёны не развіваюцца так, як патрэбна? Адказ просты: нашыя рэгіёны застаюцца аўтсайдарамі сярод рэгіёнаў блізкіх краін па ўзроўні правядзення рэформаў кіравання і развіцця. Палітыка развіцця рэгіёнаў у Беларусі дагэтуль заснаваная на дырэктыўным планаванні і пераразмеркаванні рэсурсаў ад больш паспяховых да менш удалых. Асноўным гульцом гэтай палітыкі з’яўляецца ўрад, які размяркоўвае субсідыі ды інвестыцыі адміністратыўна-тэрытарыяльным адзінкам і пэўным сектарам эканомікі, спрабуючы падтрымаць адзіны ўзровень развіцця і аказання асноўных сацыяльных паслуг.
Такая палітыка была актуальнай у 1990-ых, але паступова згубіла сваю эфектыўнасць, у чым упэўнілася большасць краін былога савецкага лагера ў пачатку 2000-ых, запусціўшы комплексныя рэформы. Іх сутнасць простая – дэцэнтралізацыя і павышэнне якасці мясцовага самакіравання, развіццё не адміністратыўных межаў, а рэгіёнаў з улікам наяўнага патэнцыялу і фактараў для эканамічнага развіцця, інвеставанне не толькі ў інфраструктуру, але і ў сістэму паслуг для прадуктаў бізнесу і мясцовых супольнасцяў, накіраваных на развіццё. Беларусь усё яшчэ адмаўляецца ад рэформаў, пагаршаючы праблемы, якія назапасіліся, і ствараючы рызыку для рэгіёнаў застацца “па-за бортам”. Тэмпы развіцця рэгіёнаў суседніх краінаў, канкурэнцыя за чалавечы рэсурс, якая працягвае расці, і інвестыцыі на глабальным узроўні могуць пахаваць перспектывы шматлікіх беларускіх гарадоў і раёнаў. Таму важна хутка рэалізаваць першачарговыя рэформы, якія максімальна дазваляюць задзейнічаць мясцовыя рэсурсы і зберагчы рэгіёны ад далейшай дэградацыі.
Рэформы мусяць быць накіраваныя на вырашэнне наступных праблемаў:
- адсутнасць адзінага доўгатэрміновага бачання і састарэлыя падыходы ў палітыцы рэгіянальнага развіцця. Цяперашняя палітыка больш накіраваная на ўтрыманне існага ўзроўню жыцця, чым на развіццё. Прыярытэты дакладна не вызначаныя і ахопліваюць або буйныя гарады, або пераважна аграрныя раёны;
- адсутнасць рэальнага самакіравання і слабы ўдзел грамадзянскай супольнасці ў прыняцці і рэалізацыі рашэнняў на мясцовым узроўні ствараюць вельмі неспрыяльныя ўмовы для таго, каб задзейнічаць мясцовы патэнцыял у працэсах развіцця;
- нізкая канкурэнтаздольнасць і слабая інвестыцыйная прывабнасць большасці раёнаў, слабы транспартны рух прыводзяць да канцэнтрацыі інвестыцый і чалавечага капіталу пераважна ў менскай агламерацыі;
- састарэлы адміністратыўна-тэрытарыяльны падзел істотна не змяніўся з эпохі ўрбанізацыі і індустрыялізацыі другой паловы ХХ стагоддзя. Некалькі спробаў правесці ў нашай краіне адпаведную рэформу пацярпелі няўдачу праз адсутнасць палітычнай волі.