Па-першае, змены ў Асноўны закон мусяць праводзіцца адкрыта — толькі так яны стануць легітымнымі. Прапаганда
сцвярджала, што папраўкі для апошняга рэферэндуму абмяркоўвалі групы зацікаўленых грамадзян. Але відавочна, што меркаванне грамадзян уладу
не асабліва цікавіла.
Адным з варыянтаў прыняцця новай Канстытуцыі можа стаць скліканне спецыяльнай асамблеі ў выніку адкрытых выбараў. Канстытуцыю таксама можа распрацаваць новы і дэмакратычна абраны парламент. Аднак у абодвух сцэнарах ёсць імавернасць, што тая з сіл, якая набрала нават нязначную большасць галасоў, «імгненна» перапіша Асноўны закон пад сябе. Рашэннем праблемы можа стаць увядзенне правіла, згодна з якім за праект Канстытуцыі мусяць прагаласаваць, напрыклад, тры чвэрці дэпутатаў парламента альбо ўдзельнікаў асамблеі. Але ў любым выпадку фінальнае ўхваленне ўсіх паправак мусіць прайсці на ўсенародным рэферэндуме.
Па-другое, беларусам не варта думаць, што пераход да парламентарызму аўтаматычна вядзе да дэмакратыі. Гэты тып палітычнага ладу, хоць і здаецца самым еўрапейскім і дэмакратычным, не гарантуе адкрытасці палітычнай сістэмы. Прэм’ер-міністры ў парламенцкіх рэспубліках маюць шырокія паўнамоцтвы і могуць імі злоўжываць, калі іх партыя атрымлівае большасць на выбарах. Такое развіццё падзей таксама імавернае, калі адсутнічаюць дэмакратычныя традыцыі: прыклад — Венгрыя, якая
перастала быць паўнавартаснай дэмакратыяй.
А на постсавецкай прасторы пераходы да парламентарызму наогул задумваліся для захавання асабістай улады: прэзідэнты ў
Грузіі і
Арменіі пасля двух тэрмінаў паспрабавалі «перасесці» ў прэм’ерскія крэслы, каб і далей узмацняць сваю ўладу.
Замест парламенцкай рэспублікі варта, напрыклад, выбраць мадэль з моцнымі прэзідэнтам і прэм’ерам — асабліва гэта важна, калі адзін з гэтых інстытутаў трапіць пад знешні ўплыў. Так палітычная сістэма будзе мець як мінімум два цэнтры, якія змогуць не дапусціць празмернага ўзмацнення адзін аднаго. Напрыклад, пасля рэвалюцый у сярэдзіне 2000-х Украіна перапісала Канстытуцыю і абрала паўпрэзідэнцкую мадэль (з моцным прэм’ерам), што дазволіла
ўмацавацца сістэме палітычнай канкурэнцыі.
Таксама Беларусь можа выбраць амерыканскую мадэль, дзе ўлада прэзідэнта значна абмежаваная Кангрэсам (парламентам), які кіраўнік дзяржавы не можа распускаць. Гэта адна з асноваў знакамітай сістэмы «стрымліванняў і процівагаў», якая захоўвае дэмакратыю ў ЗША ўжо больш за два стагоддзі.
Па-трэцяе, каб пазбегнуць канцэнтрацыі ўлады ў адных руках, трэба развіваць мясцовае самакіраванне. Пасады губернатараў і мэраў мусяць стаць выбарнымі, а іх паўнамоцтвы і роля мясцовых парламентаў — значна павялічыцца. Дэмакратычныя і эканамічна паспяховыя грамадствы не з’яўляюцца без ініцыятывы на месцах.
Па-чацвёртае, улічваючы значэнне прапаганды ва ўсіх аўтарытарных рэжымах, неабходна гарантаваць незалежнасць медыя. Гэта можа зрабіць камісія з шырокімі паўнамоцтвамі, якая складаецца з саміх прадстаўнікоў СМІ. Яе задача — сачыць за адсутнасцю ціску на журналістаў.
Нарэшце, важна абараніць ад частага перапісвання ключавыя палажэнні дэмакратычнай канстытуцыі: напрыклад, тое, як праходзяць выбары, або тое, як фармуюцца суды. Адзін з варыянтаў — дазволіць уносіць змены ў гэтыя артыкулы толькі са згоды абсалютнай большасці ўсіх дэпутатаў і толькі пасля ўхвалення на рэферэндуме. Шмат у чым праз тое, што канстытуцыю можна было лёгка змяняць у самім парламенце, Віктар Орбан і яго партыя «Фідэс»
здолелі ўзурпаваць уладу ў Венгрыі.
Якой насамрэч стане нашая Канстытуцыя пасля заканчэння кіравання Лукашэнкі — пытанне, вядома, адкрытае. Але Беларусь — далёка не першая краіна, якой трэба перапісаць Асноўны закон для дэмакратычных зменаў, і тут трэба проста не паўтарыць сваіх і чужых памылак. І, галоўнае, забяспечыць тое, чаго так не хапае сёння, — выканання Канстытуцыі.