1. Для таго, каб даць беларускай дэмакратыі выжыць пасля змены ўлады, трэба будзе стварыць сістэму з моцнымі прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам. Трэба, каб палітычная сістэма мела прынамсі два цэнтры ўлады, якія будуць у стане не дапусціць празмернага ўзмацнення адзін аднаго.
2. Каб перазапусціць эканоміку пасля Лукашэнкі, неабходны інстытуцыйныя рэформы. У першую чаргу гэта змены звязаныя з абмежаваннем ролі дзяржавы ў эканоміцы, стварэннем прыязных умоваў для вядзення эканамічнай дзейнасці, павышэння эфектыўнасці кіравання дзяржпрадпрыемствамі і сістэмы сацыяльнай абароны.
3. Для вырашэння праблем, якія стаяць перад беларускімі рэгіёнамі, неабходна стварыць якасныя інстытуты, якія займаюцца рэгіянальным развіццём, павялічыць удзел грамадзян у працэсе прыняцця рашэнняў, правеcці адміністратыўна-тэрытарыяльную рэформу, палепшыць інфраструктурную і лічбавую даступнасць, павысіць мабільнасць чалавечага капіталу.
4. Каб супрацьстаяць трэндам вымірання і старэння беларусаў, неабходна падтрымліваць нараджальнасць праз больш гнуткія механізмы падтрымкі - асабліва гэтая гнуткасць патрэбная ў выпадку жанчын, для якіх важная кар’ера. Таксама трэба прывабліваць у краіну мігрантаў і супраціўляцца эміграцыі беларусаў, якіх за апошнія тры гады з Беларусі з’ехала блізу 150 тыс.
5. У галіне адукацыі трэба ўцягваць у шчыры дыялог усе зацікаўленыя бакі; павышаць як прафесійную падрыхтоўку адукатараў, так і іх заробкі; даваць больш самастойнасці адукацыйным установам; забяспечваць роўныя адукацыйныя магчымасці для розных сацыяльных груп і даваць навучэнцам навыкі, неабходныя для сучаснага грамадства і эканомікі.
6. Сфера аховы здароўя ў першую чаргу мае патрэбу ў тым, каб спыніць узаемную нянавісць медработнікаў, пацыентаў і чыноўнікаў, якія кіруюць сферай, дзеля пошуку сумесных рашэнняў. Шматлікія адказы на іх можна знайсці дзякуючы тэхналогіям.
7. Патрэбна стратэгія па барацьбе з дыскрымінацыяй, якая будзе ўключаць у сябе асветніцкія меры, комплекснае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства з увядзеннем асобнага адмысловага закону, стварэнне адмысловага органа для звароту па справах аб дыскрымінацыі і сістэмы маніторынгу.
8. Каб павялічыць колькасць жанчын у беларускай палітыцы, варта ўвесці часовыя гендарныя квоты для палітычных пасадаў, трэба змяняць грамадскую думку аб ролі жанчын і стымуляваць адукацыю жанчын у сферах паліталогіі, дыпламатыі і дзяржкіравання.
9. Лічбавізацыю Беларусі неабходна пачынаць са стварэння ядра спецыялістаў, якія пазней стануць Chief Technology Officers у дзясятках дзяржаўных органаў, і пабудовы супольнасці найбольш актыўных карыстальнікаў лічбавых інструментаў.
10. У знешняй палітыцы нам спатрэбіцца новы вобраз “адкрытай Беларусі” – краіны, якая можа быць эканамічна прывабнай для свету і граць пазітыўную ролю ў рэгіянальнай бяспецы.