Пасля 2020-га года беларуская адукацыя – гэта сістэма найвышэйшай палітычнай абумоўленасці і цэнтралізацыі. Татальны кантроль з боку дзяржавы прывёў да таго, што знікаюць апошнія апірышчы разнастайнасці і свабоды – у 2022-ім годзе за некалькі тыдняў былі
зачыненыя амаль усе прыватныя школы. Іх не тое каб было шмат (усяго 35), але яны стваралі важныя пункты інавацый у плане рэсурсаў, якія ёсць у карыстанні, і большай адказнасці за якасць навучання. Чаму строгі кантроль і аднастайнасць шкодныя для якаснай адукацыі? Самае відавочнае – гэта дрэнна адбіваецца на выніках навучання. Даныя глабальнага даследавання PISA
кажуць: чым больш аўтаноміі ў школаў пры размеркаванні рэсурсаў і большая адказнасць за вынік, тым лепшыя вынікі вучняў.
Калі бацькі адпраўляюць дзяцей у школу ці ўніверсітэт, яны спадзяюцца, што там ім даюць дастаткова якасныя веды. На практыцы, паводле даных таго ж даследавання PISA, 15-гадовыя беларускія школьнікі паказвалі вынікі ніжэйшыя за сярэднія па ўсіх катэгорыях сярод 79 краін-удзельніц: 475 – па чытанні пры сярэднім 487; 472 і 471 – па матэматыцы і прыродазнаўчых навуках адпаведна пры сярэднім 489.
Шкада, прасачыць за тым, як будуць (і ці будуць увогуле) змяняцца вынікі беларускіх школьнікаў на прыкладзе даследавання PISA мы не зможам – нас з яго
выключылі.