Не існуе такой дзяржавы, у якой бы праблема дыскрымінацыі была вырашаная цалкам. Разам з тым на жыццё канкрэтнага чалавека ўплывае не столькі сам па сабе факт наяўнасці ў дзяржаве няроўнасці, колькі тое, ці бачыць дзяржава гэтую праблему і якія крокі прадпрымае, каб яе вырашыць. Пытанне дыскрымінацыі ў беларускай дзяржаве стаіць настолькі ж востра, як і неразуменне гэтай праблемы грамадствам, як і нежаданне з боку дзяржавы яе вырашаць.
Дыскрымінацыя як негатыўная з’ява мае сваю спецыфіку. З аднаго боку, сама па сабе яна – юрыдычная праблема, таму што гэта парушэнне права на роўнае абыходжанне, а ў выпадку Беларусі – таксама немагчымасць абараніць гэтае права. З іншага боку, вытокі з’яўлення і ўкаранення ў грамадстве дыскрымінацыйных практык – гэта стэрэатыпы, страхі, забабоны, якія, у сваю чаргу, з’яўляюцца праз недахоп/скажэнне/непаўнату інфармацыі, палітыкі, практыкі ці культурных традыцый, якія ствараюць нязручнасці для адных і прывілеі для іншых.
Прамым юрыдычным абавязкам дзяржавы з’яўляецца не толькі стварэнне эфектыўнага заканадаўства і механізмаў абароны, але і барацьба з любымі з’явамі, якія ўплываюць на негатыўныя практыкі абыходжання з чалавекам.
Існуюць стэрэатыпы і адносна самой дыскрымінацыі: тыя, хто з гэтым не сутыкаўся, як правіла, лічаць, што такой праблемы няма. Тыя, хто праходзіў праз гэта, часта не разумеюць, што іх дыскрымінавалі. Як і тыя, хто дыскрымінуе, часта не ўсведамляюць, што парушаюць правы чалавека. У тым ліку і праз гэта ацэньваць маштабы гэтай праблемы ў беларускім грамадстве вельмі цяжка. Пасля 2020-га года, калі агромністая колькасць людзей сутыкнулася з дыскрымінацыяй паводле палітычных перакананняў, сітуацыя з грамадскім успрыманнем дыскрымінацыі павінна была крыху змяніцца ў лепшы бок.
Але можна заўважыць, як некаторыя людзі, якія самі зведалі відавочную дыскрымінацыю, адмаўляюцца прызнаць: сітуацыя, калі табе
не даюць матрац у ізалятары на Акрэсціна, бо ты «палітычны»; сітуацыя, калі жанчыну не бяруць на працу, бо «яна хутка народзіць і будзе хадзіць на бальнічны»; сітуацыя, калі бацькі не могуць знайсці беларускамоўны садочак/клас у крокавай дасяжнасці, бо «ўсе ў асноўным хочуць на расейскай мове» (і шмат якія іншыя прыклады згодна з той жа логікай) – гэта ўсё адна і тая ж сітуацыя. Усё гэта выпадкі неабгрунтаванага няроўнага абыходжання.
У Беларусі на дзяржаўным узроўні няма сістэмы маніторынгу мераў па барацьбе з дыскрымінацыяй, таксама не праводзіліся комплексныя сацыяльныя даследаванні ў гэтай галіне.