Пандэмія каронавіруса, пра якую мы ўжо сталі забывацца, дала вялікі штуршок глабалізацыі і лічбавізацыі. Чалавецтва нібыта асэнсавала, як лёгка сціраюцца межы, мяняюцца фарматы працы, а лічбавыя інструменты дазваляюць будаваць сацыяльныя сувязі з людзьмі па ўсім свеце, а не толькі ў межах свайго горада ці краіны.
Дзяржавы таксама прынялі непазбежнасць глабалізацыі. У свеце пачалася барацьба па прыцягненні ў краіны таленавітых людзей, якія будуць жыць на гэтай тэрыторыі і падтрымліваць сваімі падаткамі мясцовую эканоміку. Сёння ўжо больш за 50 краінаў прапаноўваюць візы лічбавых качэўнікаў (Digital Nomad), то бок даюць магчымасць грамадзянам розных краінаў жыць на сваёй тэрыторыі і атрымаць галоўныя грамадзянскія атрыбуты: медычнае абслугоўванне, страхаванне, абарону паліцыі і г.д. Такім чынам, спрашчэнне рэлакацыі садзейнічае размыццю разумення грамадзянства і трансфармуе яго каштоўнасць.
Паралельна развіваецца лічбавы свет і пашыраецца ўплыў у ім буйных IT-карпарацый (Facebook, Google, Microsoft), якія пачынаюць прапаноўваць мільёнам карыстальнікаў цалкам рэальныя эканамічныя і сацыяльныя сэрвісы. Напрыклад, Facebook, які
пачынаўся як сацыяльная сетка для студэнтаў Гарвардскага ўніверсітэта, сёння пераўтварыўся ў транснацыянальную кампанію Meta. Месячная аўдыторыя ўсіх сацсетак кампаніі ў снежні 2022-га года
склала 3,74 млрд. карыстальнікаў. Акрамя сацыяльных сэрвісаў, Facebook запусціў і эканамічныя: грашовыя пераводы паміж карыстальнікамі і ахвяраванні.
Тое, што IT-карпарацыі паступова пераўтвараюцца ў канкурэнтаў дзяржаў, пацвярджае нядаўні скандал вакол крыптавалюты Libra, якую Facebook збіраўся запусціць сумесна з Uber, Spotify і іншымі. Па сутнасці, кампанія задумала перакроіць традыцыйную сістэму фінансавых плацяжоў з дапамогай уласнай крыптавалюты. І вядома, напужала ўлады ЗША і еўрапейскіх краінаў. У выніку ніводны сусветны рэгулятар не даў дазволу на запуск крыптавалюты, а сам праект
закрыўся пасля некалькіх спробаў яго перапакаваць і ўсё ж прадаць уладам.
Гэтая гісторыя паказвае, што магчымасці буйных IT-карпарацый на гэты момант усё яшчэ саступаюць магчымасцям дзяржаў. Але карпарацыі дакладна не маюць намераў спыніць сваё развіццё ў бок лічбавых супольнасцяў. І ў стратэгіі развіцця на найбліжэйшыя гады шмат якіх буйных кампаній (не толькі IT, але нават McDonald’s і Nike) закладзенае «засваенне» метасусвету (Metaverse).
Калі экспертаў просяць патлумачыць простымі словамі, што такое «метасусвет», яны кажуць, што гэта «надбудова над інтэрнэтам» ці альтэрнатыўная рэчаіснасць, якая імітуе сапраўдную. Удзельнікі метасусветаў могуць рабіць там рэчы са звычайнага жыцця: камунікаваць, працаваць, адпачываць, вучыцца, зарабляць і выдаткоўваць грошы. Перанесці рэальнае жыццё ў лічбавую форму – гэта і ёсць мэта метасусвету. Але ўжо сёння ўдзельнікі метасусветаў могуць уступаць не толькі ў сацыяльныя, але і ў эканамічныя стасункі: прапаноўваць і карыстацца віртуальнымі паслугамі адно аднаго, інвеставаць і зарабляць.
Не выключана, што ў будучыні дзяржавы і буйныя карпарацыі навучацца больш эфектыўна дамаўляцца. І ў выніку з’явяцца гібрыдныя лічбавыя супольнасці ад буйных кампаній, чальцы якіх змогуць атрымліваць для сябе рэальную карысць на тэрыторыях канкрэтных краінаў. У гэтых лічбавых экасістэмах і можа з’явіцца ўмоўны інстытут лічбавага грамадзянства, дасяжны для фармальных грамадзянаў абсалютна розных краінаў.
Партнёрства дзяржаў і IT-карпарацый у рэальнасці можа развівацца і па іншых сцэнарах, але рух і тых, і іншых у бок лічбавых супольнасцяў і лічбавых грамадзянстваў відавочны. Аб’ядноўвацца ў такія супольнасці людзі будуць паводле розных прыкметаў, не толькі паводле нацыянальнай, але, напрыклад, вакол агульных цікаўнасцяў або каштоўнасцяў.
Развіццё лічбавых супольнасцяў ідзе паралельна з лічбавізацыяй урадавых паслуг, якая пачалася дзесяцігоддзі таму і працягваецца дагэтуль. У той лічбавізацыі была простая прагматычная мэта – разгрузіць дзяржустановы і заашчадзіць час людзей, якія карыстаюцца іх паслугамі. Зарэгістраваць бізнес, прагаласаваць, памяняць пашпарт – зрабіць усё гэта хутчэй, больш празрыста, без карупцыі і чэргаў. Найлепшай у свеце ў лічбавізацыі дзяржпаслуг
лічыцца Данія, у нашым рэгіёне – Эстонія, але і кейс суседняй Украіны таксама можна назваць паспяховым.
Цікава назіраць, як
украінская «Дія» развіваецца нават падчас вайны. Сёння праз гэтае прыкладанне, акрамя стандартных паслуг, можна атрымаць і нестандартныя: ахвяраваць на дроны, паведаміць пра перамяшчэнне варожай вайсковай тэхнікі, атрымаць новую прафесію ці грашовую дапамогу на рамонт разбуранага дома. Бачылі, што ў Кіеве каля манумента «Радзіма-маці» на шчыце
цяпер не серп і молат, а Трызуб? Дэкамунізаваць галоўны манумент Кіева ўкраінцы вырашылі сёлета ў ліпені праз галасаванне ў «Дії».
Лічбавізацыя ўрада будзе працягвацца. Можна нават сабе ўявіць, што хутка дапамагаць у рэалізацыі дзяржпаслуг будзе і ChatGPT. Калі штучнаму інтэлекту даць дастаткова ўводных даных, ён зможа дапамагаць у вырашэнні шмат якіх дзяржаўных праблемаў: ці зачыняць стратнае прадпрыемства; як зрабіць медычныя паслугі дасяжнымі для жыхароў вёсак; як змагацца са злачыннасцю і г.д.